Раённаму літаратурна-творчаму аб’яднанню “Купалінка” – 30 гадоў

16.05.2023

На базе ДУА “Бараўлянская сярэдняя школа” адбылася  святочная імпрэза, прысвечаная 30-годдзю раённага літаратурна-творчага аб’яднання “Купалінка”. Тут сабраліся юныя паэты і празаікі, аматары літаратурнай творчасці і ўзнёслага натхнення.

Пачалося ж усё ў пачатку 90-х гадоў, калі сярод школ пачалі актыўна праводзіцца літаратурныя конкурсы. Дзеці пісалі творы, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай вайны, складалі казкі і радаводы, прызнаваліся ў любові да радзімы, да сваіх бацькоў. Конкурсы пачыналіся і заканчваліся, твораў станавілася усе больш і больш. І тады сярод сакавіцкай непагадзі, насуперак сцюжам і марозам, якія шчыравалі ў 1993 годзе,  з’явіліся літаратурныя аб’яднанні з  цудоўнымі  назвамі: “Пралеска”, “Крынічка”, “Вытокі”, “Першыя промні”, “Жывіца”,“Папараць-кветка”…, якіх аб’яднала паэтычная суполка з рамантычнай назвай “Купалінка”.

Станаўленне і прызнанне “Купалінкі” не адбылося б без чыннай падтрымкі Мікалая Мікалаевіча Чарняўскага, вядомага дзіцячага паэта, мудрага настаўніка і дарадцы, які ўсе гэтыя гады клапаціўся, каб суполка жыла, каб не перасыхалі тыя творчыя крынічкі, якія жывяць “Купалінку”. Ён і сёння з’яўляецца частым госцем наша аб’яднання.

За 30 гадоў рамкі дзейнасці “Купалінкі” значна пашырыліся. Сёння гэта не толькі паэтычныя сустрэчы,  вандроўкі па літаратурных мясцінах. У кожным школьным літаратурна-творчым аб'яднанні ёсць кіраўнікі лектарскіх груп, якія знаёмяць дзяцей з творчасцю паэтаў і пісьменнікаў, ёсць рабяты, якія адказваюць за афармленне і абнаўленне інтэрнэт-старонкі свайго аб’яднання на сайце школы, за публікацыю лепшых твораў вучняў на сайце;  рэдактары школьных альманахаў творчых работ, арганізатары сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі. З вялікім задавальненнем і цікавасцю юнакі і дзяўчаты займаюцца творчасцю, таму што гэта праца, якая мае сэнс і вынік.

У час святочнага пасяджэння прагучалі вершы юных аўтараў: Рагалевіч Арыны з ДУА “Бараўлянская сярэдняя школа”, Астаповіча Арсенія з ДУА“Бараўлянская гімназія”, Гутнік Вікторыі з ДУА “Буцавіцкая сярэдняя школ”, Ламака Крысціны з ДУА “Чурылавіцкая сярэдняя школа”, Дубоўскага Сямёна з ДУА “Самахвалавіцкая сярэдняя школа”, Блізнюка Захара з  ДУА “Мачулішчанская сярэдняя школа імя Герояў Савецкага Саюза Удавенкі І.Ц. і Гаманенкі М.В.”. З асаблівай увагай слухалі вучняў з ДУА “Навасельская сярэдняя школа”, якія менавіта да свята склалі прывітальнае віншаванне.

Лепшым аўтарам раённага альманаха “Натхненне”, пераможцам літаратурна-творчых конкурсаў былі ўручаны дыпломы і падзякі.

Сярод ганаровых гасцей і сяброў “Купалінкі” былі нязменны куратар “Купалінкі”, паэт Мікола Чарняўскі,  паэтэса Святлана Быкава, дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая,  супрацоўнік Вытворча-выдавецкага рэспубліканскага прадпрыемства “Дом прэсы” Ганна Пяткевіч, прадстаўнікі газеты “Прысталічча”.

Жадаем “Купалінцы” новых сустрэч, цікавых знаходак, незвычайных падарожжаў, творчага росту, плёну і поспеху. 

Фотогалерея: